Чаму існуюць людзі?
 

Перш за ўсё, хацеў бы павіншаваць усіх з кітайскім Новым годам!

На Новы год трэба было б сказаць добрыя зычэнні, якія любяць чуць усе, але я бачу, што небяспека крок за крокам набліжаецца да людзей. Таму боскія істоты папрасілі мяне сказаць некалькі слоў людзям у свеце. Тое, што я хачу раскрыць, — нябесная таямніца. Гэта важна сказаць, каб данесці людзям праўду і даць ім яшчэ адзін шанец на выратаванне.

Першае пытанне — як з’явілася чалавецтва? Ад пачатку да канца Сусвет мае прайсці доўгі працэс, які складаецца з чатырох этапаў: фармаванне, стабільнасць, псаванне і руйнаванне. Як толькі Сусвет дасягне канца стадыі руйнавання, усё ў Нябесным целе, уключаючы Сусвет, у якім мы жывем, цалкам распадзецца ў адно імгненне! Усе істоты будуць знішчаныя!

Смерць чалавека настае толькі ў выніку пагаршэння і старэння цела ў паверхневай прасторы, у той час як першасны дух чалавека (сапраўднае, неўміручае «я») пераходзіць у наступнае жыццё. Сусвет праходзіць праз фармаванне, стабільнасць, псаванне і руйнаванне, а людзі праходзяць праз нараджэнне, старасць, хваробы і смерць — гэта заканамернасць Сусвету. Істоты больш высокага ўзроўню існавання праходзяць праз той жа працэс, але ён займае больш часу. Чым вышэй узровень такой істоты, тым даўжэй гэты працэс. Яны нараджаюцца і паміраюць без болю, і пры гэтым застаюцца ў свядомасці, нібы змяняюць вопратку. Гэта азначае, што ў звычайных умовах жывая істота не памірае. Калі Сусвет і Нябеснае цела распадуцца на апошняй стадыі фармавання, стабільнасці, псавання і руйнавання, аніводная істота ўжо ніколі не пройдзе праз рэінкарнацыю, і ўсе істоты і прадметы перастануць існаваць і ператворацца ў пыл, і ўсё вернецца ў стан пустаты. Менавіта цяпер чалавечы свет перажывае канец фазы «руйнавання» ў гэтым працэсе «фармавання, стабільнасці, псавання і руйнавання». Усё на гэтай апошняй стадыі ўжо нядобрае, таму ўсё жывое знаходзіцца пад пагрозай знішчэння, і таму сучаснае грамадства такое хаатычнае. Нястача добрых думак у людзей, сексуальная разбэшчанасць, псіхічныя адхіленні, наркаманія, атэізм — гэтыя ды іншыя падобныя з’явы вельмі распаўсюджаныя. Калі Нябеснае цела дасягнула гэтага моманту свайго існавання, такое становішча спраў у свеце непазбежнае.

Творца шануе ўсе боскія істоты і ўсе добрыя і цудоўныя істоты, а таксама цудоўныя стварэнні ў Нябесным целе. Вось чаму, на пачатку стадыі псавання, Ён прывёў некаторых боскіх істот на вонкавы пласт Нябеснага цела (які звычайна называюць тым, што «па-за межамі Сферы Закона»), дзе не было боскіх істот, і стварыў Зямлю. Але Зямля не можа існаваць сама, яна мусіць мець адпаведную структуру Нябеснага цела, каб утварыць сістэму кругазвароту жывых істот, жыцця і матэрыі. Таму Творца стварыў па-за Зямлёй вялікі абшар, які боскія істоты называюць «Тры Сферы». Да таго як адбудзецца выратаванне на апошняй стадыі, боскія істоты, незалежна ад таго, наколькі высокі ўзровень яны маюць, не могуць увайсці ў «Тры Сферы» або выйсці з «Трох Сфер» паводле свайго жадання без дазволу Творцы. «Тры Сферы» маюць тры асноўныя ўзроўні: узровень, на якім жывуць істоты на гэтай Зямлі, уключна з людзьмі, называецца «Сферай жаданняў»; над «Сферай жаданняў» знаходзіцца «Сфера формаў»; і яшчэ вышэй — «Сфера без формаў». Кожная больш высокая сфера — больш цудоўная, але аніводная з іх не можа параўнацца з Нябеснымі валадарствамі ў «Сферы Закона». Нябёсы, пра якія людзі часта гавораць, насамрэч гэта Нябёсы ў «Сферы формаў» або «Сферы без формаў». Кожная сфера складаецца з 10 узроўняў, таму ў «Трох Сферах» агулам 33 узроўні, уключаючы самі «Тры Сферы». Чалавецтва жыве ў «Сферы жаданняў», на самым нізкім узроўні, дзе навакольнае асяроддзе найбольш суровае. Чалавечае жыццё горкае і кароткае, і найбольш жахліва тое, што ў чалавечым свеце няма праведных прынцыпаў. У параўнанні з прынцыпамі Сусвету, прынцыпы для людзей адваротныя (за выключэннем прынцыпаў Закона, якія боскія істоты перадалі чалавецтву). Напрыклад, такія ідэі, як «пераможца становіцца каралём», «свет можна заваяваць сілай», «моцныя становяцца героямі» не ёсць праведнымі прынцыпамі ў вачах боскіх істот, таму што гэтыя чалавечыя канцэпцыі вядуць да забойстваў і рабаванняў. Такога ў Сусвеце няма, і боскія істоты так не дзеюць, але для людзей гэта становіцца неабходным і прымальным. Гэта прынцыпы ў чалавечым свеце, якія ёсць «перакручанымі прынцыпамі» ў параўнанні з прынцыпамі Сусвету. І таму, каб вярнуцца на Нябёсы, трэба «ўдасканальвацца» паводле праведных прынцыпаў. Некаторыя людзі думаюць, што яны забяспечаныя, таму што жывуць лепш за іншых, але ў гэтым выпадку людзі ўсяго толькі параўноўваюць сябе з іншымі людзьмі ў гэтай прасторы. Насамрэч жа лічыцца, што ўсе яны жывуць у кучы смецця Сусвету. «Тры Сферы» створаныя на самым вонкавым пласце Сусвету, які складаецца з самых нізкіх, грубых і брудных элементаў, такіх як малекулы і атамы. У вачах жывых істот высокага ўзроўню гэта сметнік для скідання смецця Сусвету. Вось чаму яны лічаць малекулярныя элементы брудам, месцам у найніжэйшай прасторы. Адсюль і паходзіць рэлігійны выраз «Бог стварыў чалавека з гліны». Гэта азначае, што боскія істоты выкарыстоўвалі матэрыю ў гэтай малекулярнай прасторы, каб стварыць людзей.

Боскія істоты стварылі людзей, бо гэта была воля Творцы. Ён загадаў розным боскім істотам стварыць людзей рознага выгляду адпаведна сваім вобразам. Таму ёсць белыя, жоўтыя, чорныя людзі ды іншыя расы. Хоць вонкавы выгляд розны, але ўнутранае жыццё дае Творца, таму ўсе яны маюць аднолькавыя каштоўнасці. Творца загадаў боскім істотам стварыць людзей з намерам выратаваць усіх істот у Сусвеце, у тым ліку боскіх, на апошняй стадыі знішчэння.

Тады чаму Творца папрасіў боскіх істот стварыць людзей у такім нізкім асяроддзі? Бо гэта найніжэйшы ўзровень Сусвету і самае суровае месца, а толькі праз пакуты чалавек можа палепшыць сябе шляхам удасканальвання, і толькі праз пакуты ён можа пазбавіцца ад грахоўнай кармы. Калі сярод пакутаў людзі змогуць заставацца добразычлівымі, удзячнымі, добрымі людзьмі, тады іх узровень падвысіцца. Акрамя таго, выратаванне — гэта працэс знізу ўгару і павінен пачынацца з найніжэйшага месца. Жыццё тут поўнае пакутаў, паміж людзьмі адбываюцца канфлікты інтарэсаў, ды й прыроднае асяроддзе таксама суровае. Каб выжыць у такім асяроддзі, людзям даводзіцца шмат працаваць, як разумова, так і фізічна. Усе гэтыя абставіны даюць жывым істотам змогу падвысіць свой узровень існавання і пазбавіцца ад кармы. Пакуты могуць ліквідаваць карму — гэта, безумоўна, так. Калі чалавек сярод пакут і канфліктаў усё яшчэ можа захоўваць дабрыню, ён будзе назапашваць дабрадзейнасць і, такім чынам, узровень яго душы падвысіцца.

У наш час, калі Творцу патрэбна выкарыстоўваць цела чалавека для выратавання жывых істот у Сусвеце, большасць першасных жыццяў у целах людзей былі замененыя істотамі высокага ўзроўню. Яны пераўвасобіліся ў людзей. Цела чалавека дазваляе пазбавіцца ад грахоў і кармы праз пакуты. У той жа час, калі ў асяродку перакручаных прынцыпаў вы можаце трымацца праведных прынцыпаў, якія перадаў Бог, калі вы можаце захоўваць дабрыню, тады вашае жыццё дасягне падвышэння. Апошняя стадыя знішчэння настала, адчынілася Нябесная Брама для выхаду з «Трох Сфер», і Творца выбірае менавіта такіх людзей для выратавання.

Калі ў працэсе «фармавання, стабільнасці, псавання і руйнавання» ўсё ў Сусвеце ўжо стала нячыстым і не такім добрым, як было ў працэсе «фармавання», гэта азначае, што Сусвет ужо ўваходзіць у фазу руйнавання. Інакш кажучы, усё ўнутры Нябеснага цела вырадзілася, усе жывыя істоты ўжо не такія добрыя, як яны былі ў пачатку, і ўсе жыцці нячыстыя і маюць грахоўную карму, таму адбываецца знішчэнне. Рэлігія называе гэта «першародным грахом». Каб выратаваць Нябеснае цела, Творца заклікаў многіх істот высокага ўзроўню і боскіх уладароў прыйсці ў свет людзей, стаць людзьмі ў гэтым асяроддзі. Тут ім трэба было перажыць цяжкасці, удасканальвацца, пазбавіцца ад кармы, нанова сфармаваць сябе, каб вярнуцца на Неба. (Творца, ратуючы жывыя істоты, адначасна і нанова стварае Сусвет, таму) новы Сусвет абсалютна чысты і цудоўны. Калі чалавек можа захоўваць добрыя думкі ў гэтых суровых умовах, прытрымлівацца традыцыйных каштоўнасцяў пад ударамі сучасных ідэяў, захоўваць веру ў Бога ва ўмовах распаўсюджвання атэізму і тэорыі эвалюцыі, такі чалавек можа дасягнуць мэты выратавання і вяртання на Неба. Хаос — гэта тое, што ў самым канцы планавалі боскія істоты. Яны зрабілі гэта, каб праверыць, якія жыцці яшчэ можна выратаваць. У той жа час у гэтым працэсе праз пакуты жывыя істоты могуць пазбавіцца ад сваёй кармы. Усё гэта было спланавана для таго, каб выратаваць жывых істот і вярнуць іх назад на Неба.

Усім гэтым я хачу сказаць, што мэта жыцця чалавека не ў тым, каб нечага дасягнуць у гэтым свеце. Калі людзі змагаюцца і б’юцца паміж сабой, намагаюцца дасягнуць чагосьці, не звяртаючы ўвагу на сродкі, яны дэградуюць. Мэта, з якой людзі прыйшлі ў гэты свет, — пазбавіцца ад кармы і падвысіць свой духоўны ўзровень. Людзі прыйшлі ў гэты свет дзеля выратавання. Яны чакалі, што Творца выратуе іх, каб яны маглі вярнуцца на Неба. На працягу сваіх шматлікіх мінулых жыццяў, у працэсе чакання гэтага апошняга моманту, яны рабілі добрыя справы, каб назапасіць дабрадзейнасць, і гэта таксама было мэтай іх шматлікіх пераўвасабленняў у гэтым свеце. Гэты складаны свет, напоўнены цяжкасцямі, створаны для таго, каб людзі ў ім маглі здзейсніць сваю місію. Аднак, сустрэўшы выпрабаванні, некаторыя людзі малілі Бога аб дапамозе, але не атрымалі таго, пра што прасілі, і пачалі ненавідзець Бога, пачалі супрацьстаяць усяму боскаму, сталі на шлях зла і стварылі новыя грахі і карму. Такім людзям трэба як мага хутчэй вярнуцца на правільны шлях, папрасіць у Бога прабачэння і такім чынам пакаяцца і выратавацца. Насамрэч, незалежна ад таго, страчваеш ты нешта ці атрымліваеш у жыцці, усё гэта расплата за добрыя і дрэнныя ўчынкі папярэдняга жыцця; дабрабыт у гэтым жыцці вызначаецца колькасцю дабрадзейнасці, назапашанай у папярэднім жыцці. Маючы шмат дабрадзейнасці можна абмяняць яе на высокую пасаду і вялікі заробак у наступным жыцці, а таксама на ўсялякае багацце і дабрабыт, уключаючы сямейнае шчасце і нават добрую долю дзяцей. Гэта асноўная прычына таго, чаму адны людзі багатыя, а іншыя бедныя, чаму адны становяцца службоўцамі высокага рангу, а некаторыя становяцца бяздомнымі. Гэта непадобна на дэманічную рыторыку «ўраўнілаўкі», якую прапагандуе злачынная камуністычная партыя. Сусвет справядлівы, добрыя ўчынкі будуць узнагароджаныя, дрэнныя будуць мець наступствы — калі не ў гэтым жыцці, дык у наступным. Гэта бясспрэчны прынцып Сусвету! Неба, Зямля, боскія істоты і Творца міласэрна ставяцца да жывых істот. Неба, зямлю і людзей стварыў Творца, які аднолькава ставіцца да ўсіх жывых істот. Кармічная адплата — галоўная прычына таго, чаму нехта мае ці не мае дабраславення ў жыцці.

Калі чалавек нешта страчвае або набывае, гэта выглядае ў грамадстве як звычайная справа, але насамрэч кожнае наступства мае сваю прычыну, і ўсё гэта выклікаў сам чалавек сваімі дзеяннямі. Аднак незалежна ад таго, маеш ты нешта ці не, страчваеш ты нешта ці набываеш, усё гэта адбываецца адпаведна стану чалавечага грамадства. Такім чынам, незалежна ад таго, наколькі вы багатыя ці бедныя ў сваім жыцці, вы павінны рабіць добрыя ўчынкі, устрымлівацца ад дрэнных учынкаў, быць добрымі, паважаць Неба і Бога і быць гатовымі дапамагаць іншым. Такім чынам вы назапасіце дабрадзейнасць і атрымаеце дабраславенне ў наступным жыцці. У старажытным Кітаі старыя людзі казалі, што калі вы пакутуеце ў гэтым жыцці, не наракайце на гэта, рабіце больш добрых спраў і назапашвайце больш дабрадзейнасці, і вам будзе лепш у наступным жыцці. Гэта таксама азначае, што марна будзе прасіць Бога пра дапамогу, калі ў мінулым жыцці вы не рабілі добрых спраў і не назапашвалі дабрадзейнасць. Сусвет мае свае законы, якім мусяць падпарадкоўвацца нават боскія істоты. Калі істота высокага ўзроўню зробіць тое, што нельга рабіць, яна таксама будзе пакараная. Гэта не так проста, як людзі думаюць: калі ты нешта хочаш, дык Бог павінен табе ўсё гэта адразу даць? Абавязковая ўмова ў тым, што вы павінны мець дабрадзейнасць, назапашаную ў вашым папярэднім жыцці, тады вы можаце абмяняць яе на ўсё, што хочаце. Гэта вызначаецца Законам Сусвету. Але, насамрэч, атрымаць тое, што вы цяпер жадаеце, гэта не канчатковая мэта назапашвання дабрадзейнасці. Назапашваць дабрадзейнасць трэба, каб пракласці шлях да Неба, а не для таго, каб прамяняць яе на хуткаплыннае шчасце аднаго жыцця.

Настаўнік Лі Хунджы
20 студзеня 2023 г.